30 красавіка з беларускай турмы вызвалены грамадзянін ЗША Юрый Зянковіч.
Хаця на волі яго чакалі ўжо ў пачатку лютага, калі вызвалілі журналіста Радыё Свабода Андрэя Кузнечыка, неназванага амерыканскага грамадзяніна і шматдзетную маці. Юрыя Зянковіча ўбачылі на волі толькі праз тры месяцы.
Чаму так адбылося? Запыталіся ў палітычнага аглядальніка, гісторыка Аляксандра Фрыдмана.

— Тое, што Зянковіча вызвалілі менавіта сёння – пэўная нечаканасць. Бо пытанне: куды знік Зянковіч, што з ім адбываецца? – вісела ў паветры. Як мы памятаем, былога журналіста Радыё Свабода Андрэя Кузнечыка вызвалілі 12 лютага, у той жа дзень вызвалілі неназванага амерыканскага грамадзяніна і шматдзетную маці Алену Маўшук. Тады за вызваленымі таксама прыязджаў амерыканскі дыпламат Крыстафер Сміт, які, дарэчы, з’яўляецца адным з галоўных кандыдатаў на пасаду амбасадара ЗША ва Украіне.
Гісторыя з вызваленнем амерыканскіх грамадзянаў не была скончаная. Пасля прапагандысцкага фільма пра журналістаў Радыё Свабода стала зразумела, што Юрый Зянковіч, хутчэй за ўсё, за кратамі не знаходзіцца, магчыма, пераведзены пад хатні арышт. Натуральна, гісторыя мусіла раней ці пазней скончыцца, а Юрый Зянковіч павінен быў вызвалены. Пытанне ў тым, што за ягонае вызваленне атрымаў Лукашэнка, якія дамоўленасці былі дасягнутыя паміж амерыканскім і беларускім бакамі? І, канешне, па якіх прычынах гэтая гісторыя цягнулася так доўга?
Разам з Андрэем Кузнечыкам вызвалілі неназванага амерыканскага грамадзяніна і шматдзетную маці, якая ніякіх адносінаў да ЗША не мае. Можна дапусціць, што па нейкіх прычынах тады бакі не дамовіліся наконт Зянковіча, але, падобна, гаворка ішла пра трох чалавек, таму вызвалілі яшчэ і жанчыну.
Тады, калі ў мяне пыталіся, чаму не вызвалілі Зянковіча, я выказваў дзве версіі. Па-першае, бакі не дамовіліся наконт Зянковіча, якога пасадзілі па абвінавачванні ў замаху на Лукашэнку, а па-другое, без Зянковіча ў афіцыйнага Мінска не заставалася б іншых козыраў на перамовах з ЗША. Тады ж я выказваў меркаванне, што сітуацыя можа выглядаць празаічна: Зянковіч можа знаходзіцца ў дрэнным стане, ягонае вызваленне адразу ж выклікала б пытанні – а што з ім рабілі ў беларускай турме? Таму Зянковіча трэба было прывесці ў належны выгляд – гэта іміджавае пытанне для беларускага рэжыму.
Магчыма, Лукашэнка па-ранейшаму робіць інвестыцыю ў добрыя стасункі з ЗША. Уся інфармацыя аб вызваленні Зянковіча ідзе ад амерыканцаў: пра вызваленне паведаміў Рубіа, CNN назваў прозвішча Зянковіча – з беларускага боку ніякай інфармацыі няма. Магчыма, прапаганда паднясе вызваленне Зянковіча як гуманітарную акцыю да Дня перамогі. Але такая версія загадзя мае моцныя хібы: калі вызвалілі Зянковіча (Костусеў, асуджаны па тым жа артыкуле, вызвалены, бо хворы на анкалогію), то чаму за кратамі застаецца Фядута? Відавочна, паклапаціцца пра Фядуту некаму…
На мой погляд, Лукашэнка або абмяняў Зянковіча на нешта істотнае, а магчыма, гэта інвестыцыя ў паляпшэнне стасункаў з амерыканцамі. Калі інвестыцыя, то Лукашэнка выклаў на стол свой апошні козыр. У турме засталіся былыя супрацоўнікі Радыё Свабода Карней і Лосік, але мы ж ведаем пра цяперашняе стаўленне адміністрацыі Трампа да Радыё Свабода. У гісторыі з Зянковічам падкрэслівалася, што гаворка ідзе пра грамадзяніна ЗША і змагаліся амерыканцы менавіта за грамадзяніна ЗША.
— 29 красавіка Лукашэнка знаходзіўся з візітам у Валгаградзе, 30 красавіка вызвалены Зянковіч. Вы не дапускаеце, што вызваленне адбылося пад ціскам Крамля, у рамках нейкай расійска-амерыканскай здзелкі?
— Я думаю, што гэта выключна лукашэнкаўскія гульні. Для мяне застаецца адкрытым пытанне: ці атрымаў Лукашэнка ад амерыканцаў тое, што хацеў, ці гэта яшчэ адна лукашэнкава інвестыцыю ў паляпшэнне двухбаковых стасункаў, ці проста хавалі яго, прыводзячы ў належны стан.
Такія здзелкі працуюць тайна. Калі амерыканцы нават паабяцалі нешта канкрэтнае Лукашэнку, то выкананне абяцанняў не будзе звязвацца з вызваленнем Зянковіча.
Інфармацыя недастаткова для канкрэтных высноў, магчыма, сітуацыю праясніць сам Зянковіч. Нават у прапагандысцкім фільме Зянковіч паказаў сябе чалавекам, па поглядах блізкім да цяперашняй амерыканскай адміністрацыі.
Мне цяжка ўявіць, што Лукашэнка проста адпусціў чалавека, які хоць тэарэтычна, але разважаў пра замах на яго асобу, і нічога не атрымаў узамен. Але, падкрэслю, на мой погляд, гэта выключна лукашэнкаўская гульня, і Масква не мае ніякага дачынення да яе.
Даведка. Юрый Зянковіч — грамадзянін Беларусі і ЗША. Асуджаны па «справе змоўшчыкаў». Ён абвінавачваўся па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361—1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
5 верасня 2022 года суддзя Уладзімір Арэшка прызнаў Юрыя вінаватым і прысудзіў яму 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У снежні 2022 года КДБ уключыў палітвязня ў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», а МУС — у спіс «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
У канцы 2022 года Зянковічу дадалі яшчэ паўгода за «абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім».
7 жніўня 2024 года Юрыю Зянковічу накінулі яшчэ два гады паводле арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы).
17 студзеня Зянковіча паказалі ў прапагандысцкім фільме па дзяржаўным тэлеканале. З таго часу і да вызвалення пра Зянковіча нічога не было чуваць.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: